Літаратурная сустрэча для моладзі горада Барысава
Літаратурная сустрэча для моладзі горада Барысава «Вершы ў двары. Адкрыты мікрафон» прайшла 24 жніўня ў дзіцячай комнаце «Унікум» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Мерапрыемства было арганізавана літаратурным аб'яднаннем «Актава» (кіраўнік Марына Лайкова, член СПБ) пад эгідай Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выяўленне маладых таленавітых аўтараў і стварэнне атмасферы для актывізацыі іх творчасці і камунікацыі – адна з прыярытэтных задач работы саюза пісьменнікаў Беларусі.
Намеснік старшыні МАА СПБ Рагнед Малахоўскі адзначыў, што аб'яднанне «Актава» ўжо не першы год паспяхова супрацоўнічае з СПБ, і з'яўляецца свайго роду «кузняй талентаў», паколькі ўжо ёсць удзельнікі аб'яднання, прынятыя ў СПБ і рыхтуюцца да ўступлення яшчэ некалькі кандыдатаў. Іх творы сістэматычна публікуюцца ў альманаху «Актава» і рэспубліканскай перыёдыцы.
Праграму вылучала жанравая разнастайнасць: гучалі вершы, аўтарская песня, малая проза ўдзельнікаў «Актавы» і гасцей вечара, а таксама адбылася прэм'ера спектакля «Клаўс Номі. Дасягнуць казкі», паводле п'есы Веранікі Лайковай.
Гэтае мерапрыемства паказвае, што літаратура цікавая жыхарам горада, паколькі на абвестку, размешчаную ў гарадскім чаце, адгукнулася шмат жадаючых паслухаць вершы паэтаў і пазнаёміць гледачоў са сваёй творчасцю.
Рагнед Малахоўскі адзначыў, што такія мерапрыемствы плануецца праводзіць сістэматычна ў розных гарадах Мінскай вобласці. Але хацелася б, каб падтрымліваўся менавіта заяўлены фармат вольнага мікрафона, паколькі ён паказаў сваю эфектыўнасць.